Новости проекта
Подписывайтесь на нас ВКонтакте!
Хаю-хай, с вами Schools.by!

Из истории школы

Дата: 27 июня 2012 в 16:45, Обновлено 12 февраля 2016 в 22:57

З гісторыі Шылавіцкай школы

Настаўнік гісторыі В. А. Кажухоўская

 

Гісторыя вёскі Шылавічы і навакольных вёсак самым непасрэдным  чынам звязана з каталіцкім касцёлам. Іменна з будаўніцтвам храма звязана і першае ўпамінанне аб самой вёсцы. З касцёлам звязана таксама першае ўпамінанне аб школе.

Старый деревянный костёл

Стары касцёл. Малюнак В. Карпызы

 

Першы драўляны касцёл у вёсцы Шылавічы быў пабудаваны ў 1511 г. Фінансавалі яго пабудову сёстры Крупскія. Па некаторых звестках, пры касцёле можна было атрымаць адукацыю. У 1600 г. Барбара і Крыштоф Вольскія сталі фундатарамі новага касцёла.  Пры касцёле ўтрымлівалася і школа.

 

           Хутчэй за ўсё, адукацыйная дзейнасць вялася пры касцёле увесь час яго існавання. Але ўжо ў ХІХ ст патрэбна была свецкая адукацыя.

У Шылавіцкую воласць уваходзіла ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя 22 вёскі.   Цэнтрам была вёска Шылавічы, якая ў некаторых дакументах згадваецца як мястэчка. Агульная колькасць насельніцтва ў воласці на 1909 год была 4886 чалавек.  Значнай была і патрэба ў адукацыйных установах. Па дадзеных архіва ў 1909 годзе ў воласці налічвалася 819 дзяцей  узросту ад 8 да 11 гадоў, гэты ўзрост лічыўся школьным.

Развіццё школьнай справы на тэрыторыі Шылавіцкай воласці адбывалася па тых жа прынцыпах, што і ва ўсёй Беларусі. Дзеткі ўсёй воласці маглі атрымаць толькі пачатковую адукацыю. На 22 вёскі дзейнічала спачатку адно, а потым два народных вучылішчы. Адно з іх знаходзілася ў Талькаўцах, другое ў Аранах.

 У самім валасным цэнтры, вёсцы Шылавічы, якая была і цэнтрам парафіі адначасова, школы не было, дакладней яна была зачынена значна ранней, хутчэй за ўсё з прычыны таго, што была пры каталіцкім касцёле. Таму дзеці з Шылавіч, як і з іншых навакольных вёсак вымушаны былі хадзіць у Талькаўцы. Выбар месцазнаходжання народнага вучылішча ўладамі тлумачыцца тым, што Талькаўцы ў той час былі найвялікшай з усіх навакольных вёсак па колькасці насельніцтва і дзяцей школьнага ўзросту. Народныя вучылішчы Шылавіцкай воласці былі дзяржаўнымі ўстановамі. Сам будынак Талькаўскага вучылішча належаў  быў мала прыстасаваны для заняткаў.  Ён быў пабудаваны ў 1881 г. Сродкаў на ўтрыманне вучылішча і падтрымкі будынка ў належным стане амаль не выдзялялася.

  Недастатковасць школ стала прычынай перапоўненасці класаў. Як правіла, на аднаго настаўніка прыходзілася больш як 50 вучняў, з якімі ён займаўся па ўсіх прадметах. У Талькаўскім вучылішчы адначасова навучалася 108 вучняў, хоць разлічаны будынак быў на 69 чалавек. Адукацыя для сялян была прывілеяй мужчын. З-за традыцыйнага сялянскага светапогляду аб жанчыне, як маці, гаспадыні, памочніцы мужа, дзяўчынкі школу амаль не наведвалі. З амаль што 400 дзяўчынак воласці ў 1909 годзе вучыліся толькі 22.

Пералік прадметаў, што вывучаліся ў народных вучылішчах быў агульным. Пасля завяршэння навучання здаваліся іспыты. Вучні Шылавіцкай воласці здавалі іспыты па чытанню, пісьму, пісьмовай арыфметыцы, вуснай арыфметыцы. Паколькі ў вучылішчах Шылавіцкай воласці амаль не было праваслаўных вучняў ( у Талькаўскім вучылішчы ніводнага, у Вільчукоўска-Аранцаўскім – 10), іспыты па “Закону Божаму” не здаваліся. Справу духоўнага навучання і выхавання браў на сябе Шылавіцкі каталіцкі касцёл, дзейнасць якога не перасякалася з Міністэрствам народнай асветы.

Наяўнасці ўсяго двух народных вучылішчаў у воласці было крайне недастаткова. У 1911 годзе плануецца адкрыццё яшчэ 8 вучылішч. Аднак асігнаванні на іх будаўніцтва так і не былі знойдзены. Яны так і не былі  адкрыты ў сувязі з Першай сусветнай вайной.

Новы этап  ў школьнай адукацыі нашай мясцовасці пачаўся пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавору, у 1921 г., калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы.

Хоць польскія ўлады не вельмі клапаціліся аб адукацыі краю, іменна ў гэты час у Шылавічах з’явілася першая свецкая школа. Прыстасаванага будынку для школы не было. Аднак, дзяцей, дасягнуўшых школьнага ўзросту, было шмат. Таму, першапачаткова заняткі вяліся ў некалькіх будынках: адным з дамоў на сучаснай вул. Садовай, у будынках сучаснага клуба і пошты. Адзін з малодшых класаў займаўся ў звычайным сельскім доме, гаспадары якога, згадзіліся здаць адзін пакой у арэнду. Самыя старэйшыя вучні займаліся ў адным з памяшканняў адміністрацыйнага будынка гміны.

Па ўспамінах мясцовых жыхароў, ад дзяцей, пасылаючы вучыцца ў школу, бацькі патрабавалі бездакорнага паслушэнства і павагі да настаўнікаў. Навучанне было сумесным, хлопчыкі вучыліся разам з дзяўчынкамі. Класы былі вельмі вялікімі. Аднак шуму і недысцыплінаванасці на ўроках амаль не назіралася.

Пераважная большасць вучняў Шылавіцкай школы былі католікамі па веравызнанню. І, хоць адукацыя была свецкай, сувязі з каталіцкім касцёлам былі вельмі вялікія. Вядома, навучанне вялося на польскай мове.

Добрыя ўспаміны пра Шылавіцкую школу канца 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя пакінуў  гісторык і краявед Вітольд Карпыза.  Аднымі з першых настаўніц былі Эмілія і Караліна Сарасекавы. "Жыллё для настаўнікаў тут непрыстасавана. Калі прыйшла яго ўглядаць, то там ела свіння з карыта. Падручнікаў не хапала, і вучылі мы на ўласнаручных намаляваных картках," - успамінала Караліна Сарасекава.

 Вучні і настаўнікі Шылавіцкай школы. Канец 30-х гадоў

 

Вучні і настаўнікі Шылавіцкай школы. Канец 30-х гадоў.

 

У сярэдзіне 30-х гг. школа перамясцілася ў новы двухпавярховы будынак. Шылавіцкая школа слыла высокім ўзроўнем навучання. Ніякая грамадская ўрачыстасць у гміне не абыходзілася без актыўнага ўдзелу школы.

       У 1929/30 навучальным годзе школа ў Шылавічах налічвала 349 вучняў.

У 30-я гг. ХХ ст. акрамя Шылавіцкай у нашай мясцовасці працавалі яшчэ невялікія школы ў Кукалках, Азяранках, Талькаўцах, Машнах (цяпер Сямёнава), Вільчуках. Невялічкую школку на ўласныя грошы ўтрымлівала ў Зіняўцах Марыя Шэйка, уладальніца цагельнага прадпрыемства ў Бердзіках.

Спіс настаўнікаў гміны Шылавічы Ваўкавыскага павета ў 1937г.

Вёска Шылавічы - Сломскі Уладзіслаў, Сломская Рэгіна, Выхот-Охота Пётр, Бакун Раман, Юшкевіч Анелія, Паўтарак Генавефа.

Вёска Кукалкі - Сухоцкая Мар'я.

Вёска Машні (цяпер Сямёнава) - Павук Уладзіслаў.

Вёска Азеранкі - Кусь Мечыслаў.

Вёска Талькаўцы - Дутко Вінцэнт, Дутко Рэгіна.

Вёска Вільчукі - Рагачэўскі Фелікс, Галабурда Уладзімір, Саўко Францішка.

 Вучэбны занятак

 

Вучэбны занятак

 

        Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1944 г., пачала дзейнічаць няпоўная сярэдняя школа, а з 1953 г. яна стала сярэдняй. У 1956 г. адбыўся першы выпуск – 44 вучні. Стары будынак школы захаваўся да нашага часу па вуліцы Зарэчная – 3.

Выпуск 1956 года

 

Выпуск 1956 года 

         У 1987 г. быў пабудаваны новы будынак.

Адкрыццё новага будынка школы. 1987 год 

 

Адкрыццё новага будынка школы. 1987 год

 

Дырэктарамі школы ў розны час з’яўляліся Галубцоў, Дашкоўскі, Шавель, Несцяровіч, Бабко А. У., Вялічка , Валюк Д. А., Шурхан Г. В. , Дземянкоў У. М.

 

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.